ТЭРМАФІ́ЛЬНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ, тэрмафілы (ад тэрма... + ...філ),
арганізмы, якія прыстасаваны да жыцця ва ўмовах пастаянна высокіх т-р. Тэрмафільныя мікраарганізмы жывуць пры т-рах больш за 45 °C, пашыраны ў гарачых крыніцах, тэрмальных водах, субстратах (вільготныя сена, салома, гной), якія самаразаграваюцца ў выніку жыццядзейнасці тэрмагенных бактэрый. Макс. т-ры росту бактэрый 70—110 °C, мікраскапічных грыбоў і водарасцей 55—60 °C, прасцейшых 45—50 °C. Сярод жывёл да Т.а. належаць мадрэпоравыя каралы, насякомыя арыдных зон (жукі чарнацелкі і інш.), цеплакроўныя жывёлы, якія адрозніваюцца нізкай здольнасцю да тэрмарэгуляцыі пры нізкіх т-рах (трапічныя птушкі, антылопы). Да Т.а. адносяць таксама сапрафітаў і паразітаў, якія жывуць у целе цеплакроўных жывёл пры 35—40 °C, раслін і жывёл тропікаў.
т. 16, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)